Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 27 из 253

Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода?

У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў:

— Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі.

Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі.

…Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала:

— Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася.

І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь.

— Скажыце, — раптам запытала яна, — людзі паўсюль так жывуць, як у нас?

Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала:

— Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]