Страница:
28 из 253
Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі?
— Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.
— Я здагадвалася, — сказала яна. — Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?
Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.
— Там яно часам бывае.
— Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.
Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў:
— Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго?
Яна загадкава ўсміхнулася:
— У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё.
|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|