Страница:
29 из 253
І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з'явілася на свет сама.
Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з «Дэкамерона» і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі.
— Вы памыляецеся, пані, — буркнуў я, — каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі.
— Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном.
Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок:
— Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе.
— Так, — адказаў я. — Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын.
— Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца — я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, «цалаваць» — людзі кусаюцца.
Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын — што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор'е.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|