Страница:
38 из 253
І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць…
Прыходзяць дні, адыходзяць дні… -
заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам. -
Прыходзяць дні, адыходзяць дні,
На святло наплывае цень.
Б'ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком,
Б'ецца і ноч і дзень.
Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць,
З шабляў полымя мечуць паны,
І ўпаў Сказко, і паклікаў ён:
«Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны.
Любка Юр'еўна ўчула голас яго,
Пазбірала свой моцны род.
І «пабеглі есмо» на конях яны
Да далёкіх рудых балот.
— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:
І яны пілі адзін аднаго,
І яны у згодзе жылі.
Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,
Пакуль разам у дол не сышлі.
Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!
А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.
Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.
Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.
Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай.
|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|