Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 37 из 253

—Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?

— З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок…

Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва.

— Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам.

|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]