Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 36 из 253

І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.

І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).

Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.

Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала:

— Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму… ад караля Стаха.

Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.

Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з'явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.

— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?

— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь».

— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я.

|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]