Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 44 из 253

Няўжо вы думаеце, што ўсе мы, да дваццатага калена, не павінны адказваць за гэта, адказваць жахам, галечай, смерцю? Мы былі такія абыякавыя да народа, які пакутаваў з намі поруч і ад нас, мы лічылі яго быдлам, мы лілі віно, а яны лілі кроў. Яны не бачылі нічога, акрамя дрэннага хлеба. Пан Дубатоўк, мой сусед, аднойчы прыехаў да бацькі і распавёў анекдот пра тое, як маці-сялянка прывяла сына да пана і той пачаставаў іх калдунамі з мясам. Дзіцёнак спытаў, што гэта такое. Маці, па вясковай далікатнасці, штурхнула яго нагою і шапнула: «Маўчы!» Дзіцёнак з'еў тое, што было на талерцы, пасля ўздыхнуў і ціха сказаў: «А я дзесяць маўчоў з'еў». Усе, хто слухаў анекдот, смяяліся, а я здатная была даць Дубатоўку ляпасу. Гэта не смешна, калі дзеці ніколі ў вочы не бачылі калдуноў, ніколі-ніколі не елі мяса. У іх рэдкія валасы, крывыя ногі, у чатырнаццаць год гэта зусім дзеці, а ў дваццаць пяць — дзяды са зморшчанымі старэчымі тварамі. Як іх ні гадуй — яны народзяць такіх самых дзяцей, калі наогул народзяць. Яны адказвалі нам паўстаннямі, лютавалі ў гэтых паўстаннях, бо да гэтага цярпелі цэлае стагоддзе нечуваную крыўду. І мы пасля страчвалі іх. Вось гэты, на сцяне, у бабровым футры, закатаваў нават свайго стрыечнага брата, які стаў на бок вашчылаўцаў. Прозвішча брата было Агей Грынкевіч-Яноўскі.

Якія мы былі абыякавыя. Такія самыя двухногія, як мы, елі траву, хоць край наш, шчодры і багаты, лепшы на зямлі, ніколі не прымусіць чалавека памерці ад нястачы ежы. Мы гандлявалі радзімай, прадавалі яе хцівым суседзям, а сяляне любілі яе, сваю мачыху, і… падыхалі ад бясхлеб'я.

|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]