Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 45 из 253

І хто абвінаваціць іх, калі яны возьмуць вілы і ўваб'юць іх нам у грудзі? Мне здаецца, што нават праз сто год, калі ўсе мы вымрам, калі нашчадкі гэтых няшчасных выпадкова адшукаюць нейкага шляхціца — яны будуць мець поўнае права забіць яго. Зямля не для нас.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем. Гэты запал, гэта натхненне ўласным словам зрабілі яе твар незвычайным. Я толькі тут зразумеў, што ніякая яна не непрыгожая, што перада мною незвычайная дзяўчына, прыгожая дзіўнай, трохі вар'яцкай прыгажосцю. Ух! Якая гэта была прыгажосць!!! Напэўна, такімі былі нашы старажытныя «прарочыцы», якія біліся ў атрадах Мурашкі і Мужыцкага Хрыста. Гэта была прыгажосць незямная, замучаная з горкімі вуснамі і вялікімі чорнымі сухімі вачыма.

І раптам… усё гэта знікла. Перада мною зноў сядзеў той самы заморак. Толькі я ўжо ведаў, якая яна на самай справе.

— І ўсё ж мне вельмі, вельмі не хочацца паміраць. Я так хачу сонца, іншых, не бачаных мною лугоў, дзіцячага смеху. Я вельмі жадаю жыць, хоць і не маю на гэта права. Толькі гэта і дало мне магчымасць вытрымаць гэтыя два гады, хоць выйсця няма. Тут начныя крокі. Малы Чалавек, Блакітная Жанчына. Я ведаю, я памру. І ўсё гэта дзікае паляванне караля Стаха. Каб не яно — мы, магчыма, яшчэ жылі б. Яно заб'е нас.

І яна змоўкла, змоўкла на цэлую гадзіну, пакуль не прыйшоў час ісці па пакоях.

І калі да гэтага вечара я быў абыякавы да гэтай заморанай шляхцяначкі, дык пасля яе палкіх слоў зразумеў, што нейкім дзівам з яе атрымаўся сапраўдны чалавек. Гэтаму чалавеку трэба было абавязкова дапамагчы.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]