Страница:
46 из 253
І, лежачы ў цемры з адкрытымі вачыма, я амаль да ранку думаў, што калі ўчора я вырашыў ехаць праз два дні з брыдкага месца і далей ад радавітай гаспадыні, дык зараз я застануся тут на тыдзень, два, тры, на месяц, каб разгадаць усе гэтыя таямніцы і вярнуць сапраўднаму чалавеку заслужаны ім спакой.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Першае, што я зрабіў наступнага дня, гэта ададраў дошкі ад дзвярэй таго адзінага закалочанага пакоя, у якім толькі і мог знікнуць Малы Чалавек, калі ён быў істотай з плоці і крыві. Цвікі заржавелі, філёнгі на дзвярах былі цэлымі, у пакоі ляжаў пласт пылу на тры пальцы. Там ніхто не мог схавацца, і я зноў закалаціў дзверы. Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе. Над калідорам, дзе я чуў крокі, была гара, на якой таксама не было слядоў. Справа былі дзверы ў мой пакой і пакой гаспадыні, глухі мур і за ім парк.
Ад усяго гэтага ў мяне пачало круціцца ў галаве. Няўжо сапраўды існуе на свеце нешта зверхразумовае? З гэтым я, загартаваны «афеіст», ніяк не мог згадзіцца.
Мне прыйшла ў галаву думка, што трэба пайсці ў бібліятэку і даведацца нарэшце, што гэта за дзікае паляванне, пра якое мне было нязручна распытваць гаспадыню. Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі. Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя «слухаўкі», гэта значыць таемныя прабоі ў мурах.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|