Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 47 из 253

У іх звычайна былі замураваны «галаснікі», — асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі, — і гаспадар мог, знаходзячыся ў другім канцы палаца, добра чуць, што гавораць госці або слугі ў гэтым канцы.

Магчыма, і тут было нешта падобнае. Якая-небудзь ахмістрыня хадзіла ўначы на першым паверсе, а крокі яе былі чутны тут. Гэта была слабая надзея, але чаго не здараецца…

І я накіраваўся ў бібліятэку, якая размяшчалася ў бельэтажы, між першым і другім паверхамі, у асобным крыле.

Рэдка мне здаралася бачыць такія запушчаныя пакоі. Паркет выбіты, вялізныя вокны ў пыле, люстры на столі ў пыльных чахлах. Відаць, гэта была самая старажытная частка дома, «замчышча», вакол якога пасля ўзнік сам палац. Гэта прыйшло ў маю галаву, калі я пабачыў перад самай бібліятэкаю дзіўны пакой. І тут быў камін, але такі вялізны, што зубра можна было засмажыць, і нават гнёзды ад пожагаў яшчэ засталіся на яго сценах. Вокны маленькія, з каляровых шкельцаў, сцены груба атынкаваныя; на столі перакрыжоўваюцца цяжкія квадратныя бэлькі, укрытыя закуранай разьбою. А на сценах старая грубая зброя.

Словам, гэта быў пакой тых «добрых старых часоў», калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў «дваццаць пальцаў» або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што — толькі паслухаеш — кроў ледзянее і жыць не хочацца, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі.

|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]