Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 37 из 239

Не ведаю, чаму пад жыллё ёнвыбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго скiвiцы, якiя жавалi мяса, i раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да палiц, з кучы талерак выбраў менш запыленую i ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкi час мы жавалi моўчкi, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас i налiў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на столiку не было месца, ён спытаўся:

- Ты бачыў Сарторыуса?

- Не. А дзе ён?

- Наверсе.

Наверсе знаходзiлася лабараторыя. Мы зноў замоўклi. Было так цiха, што бляшанкi аж бразгалi ў нашых руках. На радыёстанцыi панавала ноч. Iлюмiнатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлi чатыры круглыя свяцiльнiкi. Iх водблiскi трымцелi ў пластыкавым корпусе перадатчыка.

На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.

- Што з табой? - спытаўся Снаўт.

- Нiчога. А што можа быць?

- Ты спацеў.

Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?

- Горача, - прамовiў я. - Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.

- Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? - Ён пiльна зiрнуў на мяне.

Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.

- Што ты думаеш рабiць? - нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.

|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]