Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
40 из 239
- Што ты хочаш сказаць? - спакойна спытаўся Снаўт.
- Ён увёў сабе пернастал i схаваўся ў шафе? Калi было менавiта так, то гэта не дэпрэсiя, не нервовая ўзбуджанасць, а востры псiхоз. Паранойя... Напэўна, яму здавалася, што ён нешта бачыць... - працягваў я ўсё больш павольна, пазiраючы яму ў вочы.
Ён адышоўся ад радыёпульта i зноў пачаў пстрыкаць выключальнiкамi.
- Тут толькi твой подпiс, - азваўся я праз хвiлiну. - А Сарторыуса?
- Ён у лабараторыi. Я табе ўжо казаў. Ён не паказваецца; я думаю, што...
- Што?
- Што ён замкнуўся.
- Замкнуўся? Ах, замкнуўся. Вось што! А мо барыкады ўзвёў?
- Мажлiва.
- Снаўт... - пачаў я, - на Станцыi нехта ёсць.
- Ты бачыў?!
Ён нагнуўся да мяне.
- Ты абараняў мяне. Ад каго? Цi мо гэта галюцынацыя?
- Што ты бачыў?!
- Гэта чалавек, праўда?
Снаўт не адказаў. Ён адвярнуўся да сцяны, нiбыта не хацеў, каб я бачыў яго твар. Ён барабанiў пальцамi па металiчнай перагародцы. Я пазiраў на яго руку. На костачках ужо не было крывi. I тут я раптоўна зразумеў.
- Гэты чалавек рэальны, - прамовiў я цiха, амаль што шэптам, нiбыта перадаваў яму тайну, якую маглi падслухаць. - Так? Да яго можна... дакрануцца? Яго можна... паранiць... апошнi раз ты бачыў яго сёння.
- Адкуль ты ведаеш?!
Снаўт стаяў, не адварочваючыся. Стаяў ля самай сцяны, датыкаючыся да яе грудзьмi, нiбыта яго прыбiлi мае словы.
- Непасрэдна перад маёй пасадкай... Незадоўга да гэтага?
Снаўт скурчыўся як ад удару.
|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|