Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 42 из 239



Запанавала маўчанне. Я зноў зайшоў у тупiк, я зноў нiчога не разумеў, а праз хвiлiну мне здалося, што я здолею пераканаць яго i мы сумесна паспрабуем адгадаць загадку. Чаму, чаму ён не хоча гаварыць?!

- Дзе робаты? - азваўся я.

- На складах. Мы замкнулi ўсiх, за выключэннем тых, якiя абслугоўваюць касмадром.

- Навошта?

Ён не адказаў.

- Ты не скажаш?

- Я не магу.

Тут было штосьцi такое, чаго я нiяк не разумеў. А мо падняцца да Сарторыуса? Раптам я ўспомнiў запiску, i яна падалася мне на гэты момант сама важнай справай.

- Як ты ўяўляеш нашу далейшую працу ў такiх абставiнах? - спытаўся я.

Снаўт пагардлiва пацiснуў плячыма:

- Якое гэта мае значэнне?

- Ах, так? Што ж ты будзеш рабiць?

Снаўт маўчаў. Недзе ў далёкай цiшынi зашлёпалi босыя ногi. Пасярод нiкелю i пластыку, высокiх шафаў з электроннай апаратурай, шкла, дакладных прыбораў гэтае шлёпанне гучала як няўдалы жарт нейкага пустадомка. Крокi наблiжалiся. Я ўстаў i напружана сачыў за Снаўтам. Ён услухоўваўся, прымружыўшы вочы, але не падаваў прыкмет страху. Выходзiць, ён баяўся не яе?

- Адкуль яна з'явiлася? - спытаўся я. I на яго маўчанне дадаў: - Ты не хочаш сказаць?

- Я не ведаю.

- Добра.

Крокi аддалiлiся i сцiхлi.

- Ты не верыш мне? - прамовiў Снаўт. - Даю табе слова, што не ведаю.

Я моўчкi адчынiў шафу са скафандрамi i пачаў рассоўваць цяжкiя пустыя абалонкi. Як я i меркаваў, углыбiнi, на круках, вiселi газавыя пiсталеты для палёту ў прасторы без гравiтацыi.

|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]