Загадкавы святы :: Буль Пьер
Страница:
28 из 49
Пракажоны ўстаў i падышоў да шырокай ямы, бразгаючы дзвюма жалязякамi, звязанымi разам, якiя замянялi ляскотку. Калi ён iшоў, усе астатнiя адсоўвалiся ад яго, затыкаючы насы i ўдаючы самую вялiкую агiду. Ён лёг у магiлу. Iншыя пачалi здалёк кiдаць жменямi зямлю, пакуль не засыпалi яго напалову.
У жыццi гэта называецца separatio leprosarum - цырымонiя, якая папярэднiчае iнтэрнаванню ў лепразорый новавыкрытага пракажонага i якая выкрэслiвае яго з лiку жывых. Дзецi, якiя нарадзiлiся ў лепразорыi, не спазналi яе на сабе, але яна так уразiла iх бацькоў, што яны ўвесь час гаварылi пра яе мiж сабой, параўноўваючы розныя яе варыянты. Вялiкiя i малыя ведалi рытуал да драбнiц.
Хлапчукi ўнеслi столькi рэалiзму ў гэтую iмiтацыю, што гэта ўразiла абата. Што ж да лекара, якi пад час сваiх падарожжаў нагледзеўся такiх забаў, то яго больш цiкавiла рэакцыя чужынца на ўсё гэта. А той быў, здавалася, зачараваны гульнёй. Калi дзецi скончылi, ён выйшаў да iх са сваёй схованкi. Жан Маяр адзначыў, што ён быў бляднейшы, чым напярэдаднi. Стомленасць i недасыпанне адбiлiся на яго зняможаным твары. Аднак вочы гарэлi нейкiм амаль драпежным агнём.
Калi ён падышоў, дзецi змоўклi. Адзiн, самы малодшы, заплакаў i ўцёк. "Яшчэ крыху, i яны разляцяцца, як чарада вераб'ёў", - падумаў лекар. Але чужынец усмiхнуўся i загаварыў спакойным голасам, i яны пачалi слухаць i хутка зацiкавiлiся.
Абат зноў хацеў быў падысцi, але Жан Маяр спынiў яго.
Яны здагадалiся, што чужынец распытвае пра гульню.
|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|