Загадкавы святы :: Буль Пьер
Страница:
3 из 49
Гэтыя сiмптомы, што выклiкалi ў кожнага агiду i жах, здаецца, супакоiлi яго, вочы ў яго зноў загарэлiся, а скулы пачырванелi ад дзiўнай узбуджанасцi.
* Частка ўбору манаха - кавалак тканiны, якi пакрываў плечы i спускаўся на грудзi i спiну.
Ён зрабiў у бок манаха два крокi. Той выставiў наперад сваю схуднелую руку, спрабуючы спынiць яго. Але незнаёмы не звярнуў нiякай увагi на гэты жэст i хутка iшоў да манаха. Гэта магло б напалохаць брата Роза, калi б нешта яшчэ магло палохаць пракажонага з Гары Хворых.
Невядомы вiдавочна не меў нiякiх дрэнных намераў. Ён падышоў да брата Роза, стаў на каленi, схапiў яго рукi, паднёс да вуснаў i палка пацалаваў. Манах, якi быў аслупянеў, вырваўся i адступiў на крок.
- Назад, чужынец! Хiба ты не ведаеш, што тут лепразорый? Цi, можа, думаеш, што сутана ўберагла мяне ад заразы? Я не нашыў чырвонага сэрца i не нашу ляскоткi*, бо мы тут усе такiя, мы нiколi не выходзiм за крыж i нiхто з тых, што жывуць у далiне, не прыходзiць сюды. Ды ты зiрнi на мой твар. Я пракажоны, як i ўсе, хто жыве на гэтай гары.
* Пракажоны павiнен быў насiць на адзеннi знак у выглядзе чырвонага сэрца i ляскотку, каб загадзя папераджаць здаровых пра сваё наблiжэнне.
- Ведаю, брат мой, - адказаў незнаёмы. - Бог накiраваў мяне да Гары Хворых. Я свядома прыйшоў да пракажоных, i ты першы, каго я сустрэў. Прывiтай мяне пацалункам.
Брат Роз здрыгануўся. Ён прывык чуць толькi сiплыя галасы пракажоных, i гэты вельмi нiзкi i глыбокi голас узрушыў яго, выклiкаў прадчуванне, што ён не можа належаць звычайнаму чалавеку. Незнаёмы развёў для абдымкаў рукi i зноў наблiзiўся да яго.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|