Здарэнне (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
18 из 40
Ён зусiм не думаў пра Анэля, а толькi механiчна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якiя застылi ў поўнай абыякавасцi, дзе толькi ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу i выклiк.
Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырванi i жаўцiзне, ужо згасала ў далiнах, але, нiбы не зважаючы на лiсце, што iмчала ў пенiстых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае i ў бязвоблачныя днi на гэтым пласкагор'i нават прыпякала. Толькi туманы штораз гусцелi i напамiналi аб наблiжэннi снегу i маразоў. Але тады на планеце не павiнна было заставацца ўжо нiкога; i гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявiў сабе Пiркс, раптам здалася яму асаблiва жаданай.
Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвiлiнай позiрк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусiм збялела - яшчэ не дзень, але ўжо i не ноч, нiякiх зорак, дзень пачынаўся так чыста i спакойна, нiбы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапiлi ў паласу малочнага туману, якi чапляўся гнуткiмi шчупальцамi за грунт, а калi мiнулi яго, Пiркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранiшнiм святле мэту iхняга шляху. Гэта быў скалiсты слуп, якi прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькi сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усiх. На падобнай на булаву вяршынi гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабiць апошнiя замеры.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|