Здарэнне (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
20 из 40
На нейкi час вяршыня прыкавала позiрк Пiркса сваёй патэтычнай лiнiяй, але варта было iм наблiзiцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знiкла, распалася на асобныя ўчасткi, якiя засланялi адзiн аднаго, пры гэтым падножжа страцiла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, i позiрку адкрылiся бясконцыя тэрасы, падобныя на палiцы выступы, шчылiны, якiя заканчвалiся тупiком, хаосам старых трэшчын, а над усiм гэтым бязладдзем блiшчала сама вяршыня, пазалочаная першымi прамянямi сонца, з дзiўна мяккiм контурам; але нарэшце i яна знiкла, яе засланiлi iншыя; Пiркс ужо не мог адвесцi вачэй адкалоса - так, нават на Зямлi гэтая сцяна была б вартай увагi i намаганняў, асаблiва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршынi, залiтай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай i лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялi казыркi, асаблiва сама вялiкi, якi знiзу блiшчаў ад вiльгацi або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нiбы кроў, што запяклася.
Пiркс даў волю фантазii. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпiнiсцкiмi ўзыходжаннямi, якую не раз штурмавалi, на якой цярпелi паражэнне, гара, якая будзiць у альпiнiста своеасаблiвае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калi бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка i кожны шрам маюць сваю гiсторыю. Невялiкiя, ледзь прыкметныя змейкi трэшчын, цёмныя нiцi выступаў-палiчак, дробныя вышчарбiны кожная з iх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклiвага роздуму, бурнага нацiску i змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя i тэхнiчныя хiтрыкi былi выкарыстаны, - гара з-за гэтага настолькi злiлася з лёсамi людзей, што кожны альпiнiст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў i зноў з тым самым запасам надзеi i веры ў перамогу i пры новым штурме прымерваў да гладкай скалiстай паверхнi вынашаны ў думках маршрут.
|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|