Здарэнне (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 39 из 40

Ён быў перакананы, што Анэль разбiўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нiчога агульнага з нейкiмi монакрышталямi або мнестронамi, бо хiба ж ён, Пiркс, таксама "распраграмаваўся", што так настойлiва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваiх канструктараў, чым iм гэтага хацелася. Калi ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу - бо ён быў надта кемлiвы i акуратны выканаўца. Ён не толькi бачыў, але i разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульнi, а там спатрэбiлася гульня не абы-якая - а з найвышэйшай стаўкай. Пiркс не мог стрымацца ад усмешкi, калi падумаў пра слепату Круля i Масены; тое, што яны знайшлi свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялi за доказ - да таго ж цалкам - бяспрэчны, - што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабiў бы менавiта так, у iншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавiднасць гiмнастыкi. О не, гаворка не пра тое. I нiякiя вывады, ураўненнi, нiякiя крывыя не здолелi б яго пераканаць. Пiркса здзiўляла толькi адно - што Анэль не ўпаў раней, бо ён iшоў адзiн, без навыкаў, без трэнiроўкi - гэтага ён не ведаў, бо яго стваралi не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламi. Што было б, калi б ён вярнуўся? Пiркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны нiколi не даведалiся б пра гэта. Ва ўсякiм разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы нi крукоў, нi напарнiка, а можа, нават не ведаючы пра iх iснаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нiчога, як i сам Пiркс. Цi дакрануўся ён, хоць на iмгненне, да краю расколiны? Калi так, то там павiнен застацца след, шчопцi радыеактыўных атамаў, якiя будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца i не знiкнуць.

Пiркс ведаў яшчэ адно: ён нiкому пра гэта не скажа.

|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]