Здарэнне (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
7 из 40
Аднак паколькi iх мазгi стваралi не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскiд, якi не паддаецца кiраванню, то нават мiкраскапiчныя зрухi малекул выклiкалi такiя вынiковыя адхiленнi, што практычна не iснавала двух зусiм аднолькавых аўтаматаў. I ўсё ж, значыць, iндывiдуальнасцi? Не, адказваў кiбернетык, вынiк iмавернага працэсу; гэтак думаў сабе Пiркс, як i кожны, хто меў да iх дачыненне, хто цэлымi гадамi мог адчуваць побач з сабой iх маўклiвую, заўсёды мэтанакiраваную, заўсёды лагiчную дзейнасць. Вядома, усе яны былi падобныя адзiн на аднаго больш, чым людзi, але ж i яны мелi свой нораў, свае схiльнасцi, а былi i такiя, што пры выкананнi загадаў арганiзоўвалi нешта накшталт "маўклiвага супрацiўлення" - прызнак, якi, калi ён працягваўся доўга, заканчваўся капiтальным рамонтам.
У Пiркса, ды, напэўна, не толькi ў яго, у дачыненнi да гэтых своеасаблiвых машын, якiя так дакладна i часам надзвычай творча выконвалi заданнi, было не зусiм чыстае сумленне. Пачалося гэта мо яшчэ тады, калi ён камандаваў "Карыяланам"; дастаткова сказаць, што тую сiтуацыю, калi чалавек стварыў орган, якi мыслiць, па-за сваiм целам i зрабiў яго залежным ад сябе, Пiркс лiчыў не зусiм нармальнай. Вядома, ён не мог бы сказаць, адкуль бярэцца гэты ледзь улоўны неспакой, нейкае адчуванне няспраўджанага абавязку, невыразная думка пра тое, што рашэнне прынята памылковае, цi проста, груба кажучы, адбылося свiнства. Было нейкае вытанчанае вераломства ў тым халодным спакоi, з якiм чалавек запiхваў здабытыя пра сябе самога веды ў бяздушныя машыны, пiльнуючы, каб у iх было адушаўлёнасцi не больш, чым патрэбна, каб яны не сталi канкурэнтамi свайму стваральнiку ў пазнаннi шчодрасцей свету.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|