Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 100 из 278

Цяпер выбiрай: альбо паслухаешся сваiх сёстраў, якiя клапоцяцца пра твой ратунак, i, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намi ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлiтаснага гада. А калi табе падабаецца адзiнота, напоўненая толькi нябачнымi галасамi, цi тайныя спалучэннi прасмердлага кахання i абдымкi гэтага ядавiтага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскi абавязак выканалi".

Бедную, простую душой i кволую Псiхею ахапiла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, i вылецелi з галавы ўсе павучаннi мужа. Забылiся i ўсе яе абяцаннi, яна гатова была кiнуцца ў бездань i, запалоханая, збялелая, трасучыся i заiкаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:

19. "Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як i трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, i тыя, хто вам аб гэтым паведамiў, напэўна не схлусiлi. Я ж нiколi свайго мужа не бачыла, зусiм не ведаю, як ён выглядае, толькi начамi чую яго голас, i мне даводзiцца мiрыцца з тым, што перад свiтаннем ён уцякае. Такiм чынам, я цалкам магу згадзiцца з вамi, што ён нейкая пачвара. Ён часта i сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць i пагражаў вялiкай бядой, калi я пацiкаўлюся яго выглядам. Калi вы можаце зрабiць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнiчайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знiшчыла вынiкаў пачатковай прадбачлiвасцi".

Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наiўнай сястры, злачынныя бабы адкiдаюць усякае прыкрыванне тайных хiтрыкаў i, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлiвае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.

|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]