Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 99 из 278

Як бы нi было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калi яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога i рыхтуецца нарадзiць боскае дзiця. А калi яна (няхай гэта не здзейснiцца) праславiцца маткай боскага дзiцяцi, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў i ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркi спляцём адпаведную хлусню".

17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамi, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны ранiцай да скалы i адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўнiз. Пры сустрэчы з сястрой выцiскаюць з сябе слёзы i пачынаюць казаць так: "Вось ты, шчаслiвая, сядзiш i не ведаеш, якая навiсла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялi вачэй, думаючы пра твае справы, i горка пакутавалi ад тваёй бяды. Мы даведалiся напэўна i не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спiць з табой уночы велiчэзны змей, вывiваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крывi згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомнi прадказанне пiфiйскага аракула, якi вываражыў табе шлюб з дзiкай пачварай. I вось шмат якiя паляўнiчыя i сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылi, як ён пад вечар вяртаўся з пашы i перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.

18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормлiваць цябе, лiслiва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне.

|< Пред. 97 98 99 100 101 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]