Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 20 из 278

Апынуўшыся ў цэнтры Фесалii, якая на ўсiм свеце славiцца як радзiма магiчнага майстэрства, трымаючы ў памяцi тое, што гiсторыя, расказаная добрым спадарожнiкам Арыстаменам, пачынаецца з гэтага горада, я з цiкавасцю аглядаў усё навокал, усхваляваны жаданнем, змяшаным з нецярплiвасцю. Любы прадмет у горадзе выклiкаў у мяне падазрэнне, i не было нi аднаго, якi б я прымаў за тое, чым ён быў сапраўды. Усё здавалася мне ператвораным зламыснымi намовамi ў iншы вiд. Нават камянi, па якiх я ступаў, здавалiся мне акамянелымi людзьмi, птушкi, спевы якiх слухаў, таксама людзьмi, толькi ўкрытымi пер'ем; дрэвы навокал гарадскiх сцен - таксама людзьмi, але прыкрытымi лiсцем; i крынiчная вада, здавалася мне, выцякала з людскiх целаў. Я ўжо чакаў, што статуi i карцiны пачнуць рухацца, сцены гаварыць, быкi i iншыя жывёлiны прарочыць, i з самога неба, з дзённага свяцiльнiка пачуецца раптам прароцтва.

2. Вось так усё наўкола разглядаю i ледзь не млею ад пакутлiвай цiкаўнасцi, аднак не бачу нiякай прыкметы хуткага здзяйснення сваiх спадзяванняў. Блукаю, як п'яны, з вулiцы ў вулiцу i незнарок трапляю на рынак. Тут я заўважаю нейкую даму, акружаную шматлiкiмi слугамi, i прыспешваю крокi, каб яе дагнаць. Багатая вопратка, упрыгожаная золатам i каштоўнасцямi, сведчыла, што гэта была знакамiтая матрона. Побач з ёй iшоў пажылы мужчына, якi, заўважыўшы мяне, крыкнуў:

"Клянуся Геркулесам, што гэта Луцый!" Ён абняў мяне i зараз жа пачаў шаптаць штосьцi матроне на вуха. "Чаму ж ты, - кажа, - сам не падыдзеш i не прывiтаешся са сваячкай?" "Я не асмельваюся, - адказваю яму, - вiтацца з жанчынамi, якiх не знаю". I ў той жа час, зачырванеўшыся i апусцiўшы галаву, адступаюся.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]