Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
22 из 278
Распусцiўшы крылы, багiнi заставалiся нерухомымi, i здавалася, што, ледзь дакранаючыся кволай ступнёй да няўстойлiвай апоры - рухомага шара, яны толькi на iмгненне спынiлiся на ёй i гатовыя зноў падняцца ў паветра. Сярэдзiну пакоя займала Дыяна, цудоўна высечаная з пароскага каменю, у вопратцы, якая, магло здацца, развявалася ў iмклiвым руху насустрач тым, што ўваходзяць, наводзячы iм сваёй велiччу пашану. З абодвух бакоў акружалi яе, таксама каменныя, сабакi. Вочы iх гараць, вушы настаўленыя, ноздры раздзьмутыя, зубы вышчараныя. Калi дзе-небудзь паблiзу пачуецца брэх, дык здасца, што ён выходзiць з тых каменных горлаў. Выдатны скульптар выявiў сваё майстэрства найярчэй у тым, што пярэднiя лапы сабак ускiнулiся ў паветра разам з высока паднятымi грудзьмi, i яны як быццам бягуць, хоць iх заднiя лапы абапёртыя на зямлi. За плячамi багiнi ўзвышалася скала ў выглядзе грота, упрыгожаная мохам, травой, лiстамi, галiнкамi, то вiнаградам, то кустамi на камянёх. Цень, якi адкiдае статуя ў пячору, рассейваецца бляскам мармуру. Па ўскраi скалы вiселi выдатна вырабленыя яблыкi i вiнаград, у якiх мастацтва спаборнiчала з прыродай. Здавалася, што iх можна будзе сарваць i з'есцi, калi парой вiнаграднага збору пазалоцiць iх восень спелым колерам.
Калi нахiлiшся да струменьчыка, якi выбягае з-пад ног багiнi i цурчыць звонкай плынню, паверыш, што гэтым гронкам апроч iншай праўдападобнасцi дабаўлена трапяткая жывасць руху, як быццам яны вiсяць на сапраўднай лазе.
Сярод гушчару - Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя.
|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|