Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
39 из 278
Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: "Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!"
Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.
28. Нарэшце стары кажа: "Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё". З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукi i абдымаючы за каленi, ён кажа: "Злiтуйся, служка багоў, злiтуйся дзеля нябесных свяцiлаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхiяў, дзеля начной цiшынi, дзеля Копцкiх святыняў, дзеля Нiльскiх паводак, дзеля Мемфiскiх тайнаў i Фароскiх сiстраў. Дай на кароткi момант выкарыстаць сонечнае ззянне i ў навек заплюшчаныя вочы ўлi частку святла.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|