Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 67 из 278

Я думаў, што, ледзь жывы i слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як iнвалiд, а разбойнiкi, каб паскорыць свае ўцёкi, перакладуць груз з маёй спiны на двух iншых уючнiкаў, а мяне для найвышэйшай кары кiнуць на здабычу ваўкам i груганам.

5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлiтасны лёс. Другi асёл, адгадаўшы мае думкi, павалiўся раптам ад прытворнай стомленасцi i заставаўся ляжаць з усiмi манаткамi, як нi цягалi яго ў розныя бакi за хвост, за вушы i за ногi. Тады, стамiўшыся i страцiўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзiлiся мiж сабой, што не варта важдацца з нерухомым, быццам акамянелым аслом i трацiць дарагi час, пераклалi мяхi на мяне i на каня, а яго, падрэзаўшы яму ўсе паджылкi i сцягнуўшы трохi з дарогi, яшчэ жывога скiнулi з абрыву ў прорву.

Разважыўшы долю свайго няшчаснага сябра, я вырашыў адкiнуць усякiя хiтрыкi i ашуканства i, як паслухмяны асёл, служыць сваiм гаспадарам. Неўзабаве я зразумеў з iхняй гутаркi, што ўжо хутка будзе прыпынак i канец усёй дарогi, што ўжо недалёка iхняе сталае месца. I сапраўды, мiнуўшы яшчэ адзiн не вельмi круты пад'ём, прыбылi мы нарэшце да мэты падарожжа. Там знялi з нас увесь груз i схавалi ў пячоры, а я, вызвалены ад цяжару, каб адагнаць стому, замест купання пачаў качацца па пяску.

6. Час i адпаведныя ўмовы вымушаюць мяне апiсаць месца i тыя пячоры, дзе жылi разбойнiкi. Адначасова праверу i дам вам адчуць, цi быў я аслом з розумам i пачуццямi.

Перад намi ўзнiмалася велiчная, адна з найвышэйшых, гара, зарослая густымi цянiстымi кустамi. Яе пакручастыя схiлы акружаныя вострымi i непрыступнымi скаламi, абвiтымi ў выглядзе натуральнага ўмацавання глыбокiмi цяснiнамi i прорвамi, зацененымi розным кустоўем.

|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]