Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
81 из 278
"Вiдаць, - кажа, - ты вырашыла пазбавiць маiх хлопцаў выкупу; калi будзеш так далей сябе паводзiць, дык я не пагляджу на твае слёзы, якiя ў разбойнiкаў не дорага каштуюць, i спалю цябе жыўцом".
26. Напалоханая такой пагрозай, дзяўчына цалуе старой рукi i кажа: "Злiтуйся, родная, абудзi ў сабе людское спачуванне i памажы мне ў цяжкой маёй нядолi хоць крыху. Я спадзяюся, што ў табе, якая дажыла да святой сiвiзны, жаль да людзей не патух. Зiрнi на маё гора. Ёсць цудоўны юнак, першы мiж сваiмi равеснiкамi, аднагалосна выбраны сынам горада, ён мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на тры гады. З дзяцiнства гадавалiся мы разам, выхоўвалiся ў адным доме, нават адзiн у нас з iм быў пакой i адна пасцель. Мы звязаныя з iм узаемным пачуццём кахання, i ён здаўна быў прызначаны мне ў нарачоныя i за згодай бацькоў запiсаны маiм мужам. Ужо ён прыносiў у святых месцах перадшлюбныя ахвяры ў акружэннi блiзкiх i знаёмых, увесь дом быў упрыгожаны лаўровымi вянкамi, блiшчаў паходнямi, грымеў вясельнымi песнямi. Вось мая бедная мацi ўпрыгожвае мяне шлюбнымi ўборамi i, асыпаючы пацалункамi, марыць у трывожных думках пра нашчадкаў, ды раптам, быццам у час вайны, пагрозлiва блiшчаць павыманыя мячы. Аднак бандыты не iмкнуцца забiваць i займацца рабаваннем, а цесным строем нападаюць на нашу спальню. Нiхто з нашых хатнiх не аказаў iм супрацiўлення, нiхто не асмелiўся нават абараняцца, i няшчасную мяне, самлелую ад страху i дрыготкую ад небывалай жудасцi, хапаюць, адарваўшы ад матчынага ўлоння. Гэтак было расстроена, быццам у Ацiса цi Пратазiлая, маё вяселле.
27. I вось бязлiтасны лёс аднавiў i нават павялiчыў маё няшчасце.
|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|