Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
82 из 278
Прыснiлася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў i нават са спальнi, апынулася ў пустынi i клiчу па iмю свайго няшчаснага мужа, якi так i не пацешыўся маiмi абдымкамi i яшчэ вiльготны ад нацiранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. I пакуль ён бяжыць i роспачна крычыць, каб людзi памаглi яму адабраць жонку-прыгажуню, нейкi з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапiўшы з-пад ног вялiкi камень, кiдае ў майго беднага маладзенькага мужа i забiвае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялiкiм жаху ўсхапiлася ад злавеснага сну".
Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямi, старая гаворыць так: "Не трывожся, дзiця маё, i не палохайся пустых прывiдаў. Не кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык i начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад, саснiць слёзы, пабоi i нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца i наядацца смачнай ежай; i наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць i iншыя непрыемнасцi. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай". I пачала так:
28. "У адной дзяржаве жылi цар з царыцай, i было ў iх тры дачкi-прыгажунi. Аднак, хоць старэйшыя былi вельмi прыгожыя, яны, як у ценi, знiкалi перад прыгажосцю малодшай, якой красу апiсаць не хапiла б у людской мове слоў.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|