Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
85 из 278
Сказаўшы гэта, яна доўга i моцна цалуесына i iдзе да блiзкага берага, абмыванага морам. I ледзь толькi ступiла ружовымi ступнямi ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на цiхай вадзе глыбокага мора. I ледзь толькi пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з'явiлася марская свiта: дочкi Нерэя, спяваючы хорам, i Партун з ускалмачанай сiняй барадой, i Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамi, i маленькi фурман дэльфiнаў Палемон. Тут i там скачуць па моры трытоны, адзiн далiкатна трубiць у ракавiну, другi распасцiрае ад сонечнай спёкi шаўковае пакрывала, трэцi падносiць да вачэй валадарнiцы люстэрка, а iншыя плаваюць на двухконных каляснiцах. Гэтакi натоўп праводзiў Венеру, калi яна рушыла ў бок Акiяна.
32. Тым часам Псiхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе нiякай карысцi. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але нiякi цар, нi каралевiч, нi нават хто-небудзь з простага люду не iдзе да яе ў сваты. Дзiвяцца толькi на яе, як на боскую статую цi няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якiя не вельмi славяцца прыгажосцю, даўно выйшлi замуж за прадстаўнiкоў царскага роду, а Псiхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзiноту, недамагаючы целам, з болем у душы i зненавiдзеўшы сваю прыгажосць, якая так усiх вабiла.
Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхiльнасцi i баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мiлецкага бога i просiць у вялiкай святынi малiтвамi i ахвярамi мужа сваёй абяздоленай дачушцы.
|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|