Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
87 из 278
I калi збедаваныя i згараваныя бацькi замаруджвалi шэсце, сама дачка падбадзёрвае iх такiмi словамi: "Навошта стамляеце сваю старасць доўгiм плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссiльныя слёзы, якiмi аблiваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабiце болю маiм вачам праз шкоду сваiм. Паберажыце свае сiвыя валасы i вашы такiя мне дарагiя грудзi. Iншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглi. Позна апомнiлiся вы, прабiтыя смяротнымi ўдарамi ганебнай зайздрасцi. Калi народы i краiны выказалi нам боскую пашану, калi ўсе ў адзiн голас называлi мяне Венерай, тады трэба было лiць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загiнуўшую. Бачу i адчуваю, што загубiла мяне iмя Венеры. Вядзiце мяне на скалу i пакiньце там, як прысудзiў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзiць, адцягваць прыход таго, што павiнна адбыцца?"
35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала i цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, якi яе суправаджаў. Iдуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакiнуўшы вясельныя факелы, што асвятлялi дарогу, а цяпер пацямнелi i тухлi ад слёз i, спусцiўшы галовы, разыходзяцца па сваiх дамах. I няшчасныя бацькi, прыгнечаныя такой бядой, пагрузiлiся ў змрочную жалобу.
Тым часам Псiхея стаяла высока на вяршынi скалы зусiм адна i ў напружаннi чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу i страху, калi ў нейкую хвiлiну адчула, што мякка ляцiць над зямлёю.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|