Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
93 из 278
8. Сказаўшы гэта, пачынае паказваць iм незлiчоныя багаццi залатога дома i звяртае iх увагу на мноства галасоў, што iм прыслугоўваюць. Падмацоўвае iх сiлы цудоўным купаннем i раскошаю вартага несмяротных стала. Задаволеных прыёмам i ўсiм бачаным пачынае даймаць зайздрасць. Тады адна з iх вельмi настойлiва пачынае дапытвацца, хто такi i чым займаецца яе муж. Але Псiхея, помнячы мужавы перасцярогi, не выдае таямнiцы, а прыдумвае наспех, што ён чалавек малады, прыгожы, твар яго пакрыты толькi першым пушком, заняты ён галоўным чынам паляваннем па палях i лясах. Аднак, баючыся, каб у далейшай гутарцы не выдаць таямнiцы, нагружае сёстраў залатымi рэчамi i нашыйнiкамi з каштоўных камянёў, выклiкае Зефiра i перадае iх яму, каб перанёс назад на скалу.
9. Калi гэты загад быў выкананы, добрыя сёстры па дарозе дамоў напаўнялiся жоўцю ўсё большай зайздрасцi i шмат мiж сабой усхвалявана гаварылi. I вось адна з iх сказала: "Якi сляпы, непрыхiльны i несправядлiвы лёс! Як табе падабаецца, што мы, народжаныя ад аднаго бацькi i адной мацi, атрымалi такую розную долю? Мы старэйшыя гадамi, аддадзеныя чужаземным мужам за служанак, адарваныя ад роднага дому, ад радзiмы, далёка ад бацькоў гiбеем на выгнаннi, тады як наймаладзейшая сястра, апошнi плод стомленага дзетародства, валодае такiм багаццем i боскiм мужам, а сама не ўмее гэтым мноствам даброт карыстацца. Ты бачыла, сястрыца, колькi ў доме скарбаў, якое адзенне, якiя блiскучыя перлы, колькi валяецца пад нагамi параскiданага золата.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|