Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 94 из 278

А калi яе муж такi прыгожы, як яна кажа, дык няма на свеце шчаслiвейшай за яе жанчыны. Зусiм магчыма, што калi яе боскi муж яшчэ больш да яе прывяжацца, дык i яе зробiць багiняй. Клянуся Геркулесам, што да гэтага ўсё iдзе! Ты заўважыла, як яна сябе паводзiла, як перад намi трымалася? Так, яна цаляе ў неба. Яна трымаецца, як багiня, калi мае нябачных служанак i нават загадвае вятрам. А што дасталося на маю няшчасную долю? Мой муж мог бы быць маiм бацькам, ён лысейшы за гарбуз, складам цела драбнейшы за хлапчука i ўсё ў доме трымае пад замкамi!"

10. А другая працягвае: "А як мне цярпець майго мужа? Скурчаны, згорблены ад падагры i з гэтай прычыны вельмi рэдка бывае са мной у каханнi. Большасць часу я расцiраю яго пакрыўленыя, як камень зацвярдзелыя пальцы i апякаю свае рукi смярдзючымi прыпаркамi, бруднымi анучамi ды пластырамi, быццам я не законная жонка, а нанятая сядзелка. Вiдаць, ты, сястра, скажу адкрыта, пераносiш гэта з рабскай цярплiвасцю. А што да мяне, дык я не магу трываць далей, каб гэтакi лёс дастаўся нявартай. Даволi ўспомнiць, як ганарыста, як высакамерна трымалася яна з намi. Ужо тое самахвальства, выяўленае так празмерна, даказвае фанабэрыстасць яе душы. Шкадуючы, кiнула нам па крошцы ад свайго бязмернага багацця i, грэбуючы нашай прысутнасцю, загадала выправiць нас. Не быць мне жанчынай, не дыхаць, калi я не скiну яе з вяршынь таго багацця. Калi i цябе абурыла, у чым не сумняваюся, такое абразлiвае абыходжанне, давай абмяркуем разам i вырашым, што нам рабiць далей.

|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]