Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
96 из 278
А як па сваёй прастаце i душэўнай кволасцi зрабiць гэтага не зможаш, дык не слухай нiякай iхняй балбатнi пра свайго мужа i не адказвай iм. У хуткiм часе сям'я наша павiнна павялiчыцца, тваё яшчэ дзiцячае чэрава носiць наша боскае дзiця. Калi маўчаннем зберажэш нашу таямнiцу, яно будзе бессмяротным, а калi парушыш сакрэт - смяротным".
12. Ад гэтай весткi Псiхея расцвiла i, вельмi ўцешаная, запляскала ў далонi, узрадаваўшыся будучым сваiм плодам i пачэсным iмем мацi. Нецярплiва лiчыць яна днi i месяцы, дзiвiцца з незвычайнага цяжару i паступовага росту пладаноснага чэрава ад такога нязначнага ўколу.
А тыя дзве заразы, праклятыя фурыi, дыхаючы ядам гадзюкi, збiраюцца зноў пусцiцца ў плаванне са злачыннай паспешлiвасцю. Зноў на кароткi час з'яўляецца муж Псiхеi i пераконвае яе:
"Вось настаў апошнi дзень, асаблiвы выпадак: варожы полк i кроўны вораг узяўся за зброю, выступiў з лагера, пастроiўся i затрубiў сiгнал. Ужо з нарыхтаваным мячом падступаюць да твайго горла твае злачынныя сёстры. Вялiкiя беды пагражаюць нам, найдаражэйшая Псiхея! Аднак пашкадуй сябе, пашкадуй нас i святым устрыманнем выратуй дом, мужа, сябе i наша немаўля ад блiзкай загубы. О, каб табе не давялося нi бачыць, нi чуць гэтых жанчын (якiх за смяртэльную да цябе нянавiсць i пасля зганьбавання кроўных сувязяў нельга называць сёстрамi), калi яны будуць, быццам сiрэны, клiкаць цябе з высокай гары".
13. З плачам i ўсхлiпваннем адказала яму Псiхея: "Наколькi ведаю, ты ўжо меў час пераканацца ў маёй адданасцi i маўклiвасцi, а цяпер я дам табе не меншы доказ маёй духоўнай моцы.
|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|