Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
2 из 54
Чакалi ваяры, калi выйдуць да iх князi. I вось выйшлi яны з храма.
- Браты мае, - звярнуўся да ваяроў Жывiнбуд, - рускi князь Яраслаў са сваiм воiнствам апалчыўся бранню на Лiтву. Не пакiнем сваiм сынам у спадак вечную ганьбу. Не дзеля таго, каб стаць парабкамi русаў.
I, нахмурыўшы бровы, Жывiнбуд чакаў адразу другiх князёў.
Першым мовiў князь Завейка, зiрнуў у натоўп, перачакаў, пакуль сцiхнуць галасы, i загаварыў:
- Я хачу, каб мудрасць не пакiдала нас. Няма нiчога больш каштоўнага за мiр. Шмат нечаканасцяў на вайне. Нiхто з нас не ўпэўнены, што мы пераможам русаў. I што нас чакае, калi русы разаб'юць нас на полi сечы? Яны выведуць у няволю нашых жонак i дзяцей. Хiсткае ваярскае шчасце: учора перамога, а сёння паражэнне. Навошта нам выпрабоўваць долю? А цi не лепш браталюбна жыць з русамi, плацiць iм чорныя куны i бель срэбра i не пралiваць крывi сваёй. Худы мiр лепш за вайну.
Словы князя адазвалiся ў натоўпе незадаволеным гулам галасоў.
Не чакалi ад яго такiх слоў. Апусцiў Жывiнбуд вочы. Наперад выступiў князь Хвел.
- Няўжо ты думаеш, што перад табой сабралiся жанчыны, што ганьбiш наш слых сваiмi непатрэбнымi словамi? - звярнуўся ён да Завейкi. - У цябе жаночае сэрца. Калi баiшся загiнуць, дык можаш схавацца ў сваiх харомах, а мы пойдзем шукаць славы ў бiтвах з ворагамi. Браце, дык не зганьбiм свае iмёны, дык не купiм сваё жыццё бясслаўем. Цi нам палохацца русаў? У нас непераможныя памочнiкi - бацькоўскiя багi. Мы не згубiлi смеласцi i велiчы духу.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|