Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 5 из 54



Волак падняўся з ложа i зiрнуў у акенца. Птушка сядзела на галiнцы каля гнязда i, натапырыўшы пёры, вуркацела.

- Ты падняўся? - прагучаў за спiнаю княжыча голас яго малодшага брата Вышака. - Ну, то добра.

Волак азiрнуўся. Брат стаяў у дзвярах, апрануты ў белую льняную сарочку з вышытымi на беражку знакамi сонца - крыжамi, завязаную шнурком каля шыi. Iльняныя белыя парты былi ўвабраны ў мяккiя боты з астрогамi. На пасе са срэбнай спражкай вiселi ў шкураных похвах нож, капшук з крэсiвам. Вышакавы твар яшчэ не набыў суровага мужчынскага выразу. Невялiкi прамы нос, густыя бровы i выразна акрэсленыя вусны - матчына спадчына надавалi яго твару жаночую мiлавiднасць. У братавых вачах было больш хлапецкай гарэзлiвасцi, чым мужчынскай цвёрдасцi. Брат радасна ўсмiхаўся.

- Нiбыта плача, - прамовiў Воўк.

- А-а, гэты голуб, - махнуў рукою Вышак. - Збiрайся.

Браты збiралiся на ловы. Цяпер штодня яны разам з паляўнiчымi ездзiлi ў пушчу бiць звера. Калi ўдавалася завалiць вепрука або лася, прывозiлi яго на возе ў горад, дзе звера свежавалi на князёвым падвор'i, салiлi i вэндзiлi мяса да паходу. Апошнiя днi Волак адчуваў стомленасць i без ранейшай ахвоты ехаў у пушчу. Падумаў, што i сёння давядзецца лазiць па гушчары, i добра, калi багi пашлюць якую здабычу.

Даволi хутка Волак памыўся над невялiчкiм драўляным карытцам з прынесенага слугой срэбнага рукамыйнiка.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]