Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
29 из 54
Душа, сэрца, розум - усё ў Воўку супрацiўлялася прызнаць гэтую горкую праўду. На iмгненне здалося, што ўсё адбываецца ў сне, - такiм чужым выглядаў гэты падобны на яго бацьку нежывы чалавек. Але гэта быў бацька. I гэта быў не сон. Холад бацькоўскiх рук, да якiх Волак дакранаўся, забраў у яго апошнюю надзею. Як жа так? Яшчэ ўчора... а вось сёння...
Навошта ў такi нялёгкi момант пакiнуў яго?
Адчуў, як набягае на вочы сляза.
Убаку моўчкi стаялi ваяры.
- Трэба зiрнуць тулава, - апусцiўся побач з Воўкам Гвай. - Заплюшчы вочы, каб не ўгледзеў жывых.
Воўк дакрануўся пальцамi да павек i закрыў бацькавы вочы.
- Княжа, - паказаў Гвай пальцам на сiнявата-чырвоную кропку пад левым смочкам. - Не Марэна чорнай ноччу ўсыпiла Жывiнбуда. Унавiлi яго.
- Як? - вырвалася ў Воўка.
- Гэта макавае зерне пад сэрцам у князя - след iголкi. Князя ўнавiлi.
Здавалася, што Воўк з цяжкасцю разумеў тое, што пачуў, утарапела паглядаў перад сабой i маўчаў. Нiбыта задыхаўся, высока падымалiся яго грудзi, ён з шумам дыхаў. Гвай чакаў адказу. Нарэшце Воўк няўпэўнена прагаварыў:
- Калi ўнаўцу не знойдзем, дык падумаюць на мяне - пасля бацькавай смерцi я адзiны яго спадкаемца. Значыць, смерць яго была ў ласку Воўку, - уголас выказаў сваю боязь княжыч. Яго вочы ўмольна паглядалi на Гвая.
Вось такi разгублены i бездапаможны Воўк быў толькi ў маленстве, калi многае ў гэтым свеце адкрываў упершыню. Ён умольна паглядаў на яго, свайго дзядзьку, - растлумач, дапамажы.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|