Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 31 из 54



Лютак марудна крочыў да Жывiнбуда, згорбiўся, уцiснуў галаву ў плечы. Ён спынiўся i азiрнуўся назад. За спiнай, узяўшыся за крыжы мячоў, чакальна пазiралi ваяры.

- Калi праўда твая, чаго палохаешся? - падбадзёрыў Лютака Гвай.

Юнак з усхлiпам уздыхнуў i зрабiў некалькi крокаў. Нiбыта зачараваны, паглядаў ён на мерцвяка. Кропелькi поту выступiлi на Лютакавым iлбе.

- Вочы! Ён расплюшчыў вочы! - нема закрычаў Лютак i прыкрыў твар дрыготкай рукой. - Не трэба! Я не хацеў.

Раптам Лютак, як нежывы, павалiўся на зямлю. Яго збялелы твар скрывiўся пакутлiвай грымасай жаху. Вочы закацiлiся пад лоб. Ён сутаргава хапнуў ротам паветра. Гвай падбег да ваяра.

- Хто патворац? Хто загадаў? - пракрычаў дзядзька i прыўзняў Лютакаву галаву.

- Завейка, - з цяжкасцю прашаптаў Лютак.

* * *

У Жоўнах рыхтавалiся да правежы. Жрыца смерцi Яга абмыла Жывiнбудава цела i апранула яго ў саян, пашыты з нiколi не мытага палатна ў выглядзе доўгай кашулi з шырокiмi рукавамi, якi ўкрываў i ногi нябожчыка. Яго паклалi на лаве на кутнiм месцы ў грыднiцы, перавязалi складзеныя на грудзях рукi чырвонай жычкай, а на шыю павязалi ручнiк, каб на тым свеце, стомлены доўгiм шляхам у Вялесаву краiну, мог князь выцерцi з твару пот. Каля галавы нябожчыка гарэла свяча, якая асвятляла яго душы дарогу ў вырай. Да драбнiц выконваўся старажытны абрад правежы, каб нiчым не пакрыўдзiлася Жывiнбудава душа. Тры апошнiя днi жыла яна ў княжацкiх харомах, сiлкавалася хлебам i соллю, спаталяла смагу вiном з чары - усё гэта стаяла на падаконнi.

|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]