Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 33 из 54

I пачалося тое дзейства, калi кожны рух i кожнае слова - знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялi на рукi свайго былога правадыра i праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога i дзверы адчынялiся толькi для жывых, вынеслi на двор. Пранеслi над дзвюма сякерамi, якiя крыж-накрыж ляжалi на зямлi, - знак таго, што, мiнаючы iх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару - свайму сыну Воўку. Князя паклалi на санi, запрэжаныя двума белымi канямi - любiмым, на якiм ездзiў Жывiнбуд, i другiм, якi яшчэ пры яго жыццi прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, i нiхто нi разу на iм не праехаў i не ўпрог нi ў воз, нi ў санi.

Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысцiла яе ад плюгаўства смерцi, i выйшаў з харомаў.

I рушылi да жэглiшча. Уперадзе конi цягнулi санi з нябожчыкам. За санямi iшла Лаўса. Яна iшла з высока ўзнятай галавой - велiчная i спакойная, нiбыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.

Старцы неслi ў руках гаршкi з яствамi для стравы. А за iмi ўжо iшлi астатнiя - тыя, хто праводзiў князя ў апошнi шлях. Увесь час да працэсii далучалiся ўсё новыя i новыя людзi. А тыя, хто не мог пайсцi да жэглiшча, схiлiўшы галовы, стаялi на каленях каля сваiх хат i, калi паўз iх правозiлi нябожчыка, бралi ў рукi жменю зямлi, перацiралi яе далонямi i казалi: "Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба". А па баках людской плынi ехалi на конях воi i трымалi лёзамi ўгору мячы. Ахоўвалi душу свайго былога водцы, якую маглi злыя пякельнiкi зацягнуць у пекла.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]