Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 32 из 54

Тры днi пазiрала яна, як развiтвалiся людзi з яе целам. Забылiся яны пра свае клопаты i працу, забылiся i пра трывогу аб сваiх блiзкiх, што не вярнулiся з сечы. Вестуны ўсе гэтыя тры днi з чорным кiем хадзiлi па градзе i вакольных весях i апавяшчалi пра князеву смерць. "Чорны кiй iдзе вакол". Апошнюю пашану трэба было аддаць Жывiнбуду. I прыходзiлi да яго людзi, прыносiлi яствы, хто чым быў багаты. Ставiлi на стол ядзь i падалi перад нябожчыкам на каленi. "Вось я, - называлi сваё iмя, - прыйшоў да цябе; паспытай сам, каб не галадаў, i гасцей сваiх пачастуй. Памянiце, багi, яго душу, адчынiце ёй вырай прасветлы. Ласкавы быў князь да нас i мiласцiвы. А ты, княжа, малi багоў, каб ахоўвалi яны нас, каб хлеб урадзiўся ў нас i жывёла была жывая". Не сунiмалiся плакальшчыцы, карылi над князем:

Закацiлася нашае яснае сонейка,

Што не грэеш нас, горкiх сiрацiнак!

Веюць на нас ветры буйныя-сцюдзёныя.

I на каго ты нас, бедных, пакiдаеш

На вялiкае горачка?

Цяпер жа за нас, сiрот, некаму i заступiцца,

Нам дапамагаць, нас навучаць,

Каб не была ў нас долечка гаротная,

Каб не была ў нас долечка лiхая.

Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзiмы,

Не тая цяпер пара табе спацi ды высыпацiся...

Сядзела пры нябожчыку княгiня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалi брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямi i надрыўнымi галасамi плакальшчыц, i яна не стрымала слёз.

На трэцi дзень павезлi Жывiнбудава цела на жэглiшча.

|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]