Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 36 из 54

З левага боку старцы паклалi нябожчыку мядзведжыя i рысiныя кiпцюры, каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краiне, дзе жылi дзяды. З правага боку паклалi гладыш з мёдам - пачаставаць дзядоў, у рукi - два кавалкi сырога мяса - задобрыць вартаўнiкоў брамы бессмяротнасцi сабак Стаўра i Гаўра. Наперад выступiў Знiч.

- О вялiкi наш бог, Вялес, - падняў рукi ўгору святар, - просiм цябе, каб ты нi ў чым не замiнаў князю Жывiнбуду i бесперашкодна дазволiў яму адысцi ў тваю краiну шчаслiвых i праведных душ, куды яшчэ раней адышлi яго дзяды. Пашлi да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсцi доўгi шлях.

За крадай воi ўдарылi мячамi, абухамi сякер i булавамi ў шчыты, каб пачуў iх Вялес i адчынiў браму ў вырай. I засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кiнула нежывую курыцу ў ногi нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлi, у новы дом бяруць курыцу - сiмвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воi паўрозамi задушылi двух хортаў i сокала. Смяротная захлыска абвiла i шыi коней. Жывёлы хрыпелi, паднiмалiся на дыбкi, але моцныя рукi вояў не задрыжалi. Адзiн за адным конi павалiлiся каля жэглiшча.

- Дзяды, прымiце да сябе душу майго бацькi i жывiце з ёй добра, - прамовiў Воўк, абышоў жэглiшча i не азiраючыся накiраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправiлiся i астатнiя. Iх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалi. Отрак са срэбнага рукамыйнiка палiў на вугалi ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукi i твар - ачысцiў сябе ад смерцi. Пасля бралi ў рукi з гаршчочка вугалёк i кiдалi яго праз галаву.

|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]