Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
35 из 54
Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:
- А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькi! Ды перапрасi ты князя, што памiж вамi была нязгода ды нараканне, а цяпер адзiн другому даруйце, бо вы, бывала, адзiн на другога ваўком глядзелi, а цяпер ужо няма за што гневацца.
Чакальна пазiралi людзi на Завейку. Што ж ён? Князь хвiлiну-другую нiбыта раздумваў, маўчаў, паглыбiўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусцiўся на каленi i, узяўшы трохi зямлi, патрос яе рукамi.
- Няхай табе Вялес дасць вырай! - прамовiў ён.
Услед за князем пакiнулi сёдлы i яго воi, сталi на каленi i, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылi:
- Няхай табе Вялес дасць вырай!
I вось прыйшлi да жэглiшча. Высокi шчыльны плот, збiты з яловых бярвёнаў, - крада вогненная - агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынiлi коней.
А людзi развiтвалiся са сваiм князем. Падыходзiлi да саней, на якiх ляжаў нябожчык, бралi з рук Воўка развiтальную чару з мёдам i, выпiўшы яе, прасiлi Жывiнбудаву душу, каб яна малiла багоў спрыяць iм. Плакалi жанчыны. Маўчалi мужчыны. Вось выпраглi з саней коней, i старцы павялi iх за краду вогненную. Воi паднялi на рукi нябожчыка i панеслi яго да жэглiшча. Загаласiлi на ўсю галаву плакальшчыцы:
- Ой, на каго ты пакiдаеш нас, бацюшка раднюсенькi!
Пайшлi да жэглiшча Лаўса, Воўк i Вышак. Нябожчыка паклалi на папону, якая ўсцiлала зверху жэглiшча, усыпанае лапкамi ядлоўцу, дым якога лiчыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывiнбуду. Ля галавы яго Знiч утыркнуў кап'ё. На яго пасадзiлi сокала i прывязалi ручнiкамi коней. Каля кап'я воi паклалi князеву зброю: шчыт, меч, лук i калчан з сямю стрэламi.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|