Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 39 из 54

Разам з князем адправiлiся Вышак i Лаўса, а таксама тыя, хто не хацеў прызнаваць над сабой уладу рускага ўладара. Дым запаленага дзяцiнца праважаў уцекачоў у дарогу.

* * *

На месцы дзяцiнца чарнелi галавешкi i кучы попелу. Яраслаў спынiў каня.

Сумна пазiраў ён на сiратлiвыя рэшткi спаленага жытла. Кошка выбегла з разбуранай клецi i насцярожана ўтаропiлася на чалавека. I варта яму было крануцца з месца, як звярок уцёк. Каля падножжа гары князь убачыў двух маленькiх хлопчыкаў. Адзiн нёс у руках бярозавую калоду да свайго сябра, якi стаяў спiнай да вогнiшча i дубцом заўзята сцёбаў крапiву. Убачыўшы перад сабою збройнага чалавека, хлопчык выпусцiў з рук калоду. З-пад аблавухi на князя паглядалi спалоханыя вочкi. Запэцканай у сажу далонню хлопчык пацёр правае вока, пераступiў босымi нагамi.

- Не чапайце нас, дзядзечка, - папрасiў ён.

Нязвыкла для князя прагучала гэтае слова - дзядзечка. Нiхто яго так не называў. I непрыемна стала ад таго, што хлопчык спалохаўся яго, не давярае яму.

- Ты адсюль? - спытаў князь.

- Ага, - махнуў галавою хлопчык. - А вогнiк нам дазволiлi палiць.

- Як завуць гэтае паселiшча?

- Жаўны.

"Тут я пастаўлю свой град. I назаву яго Новым градам", - падумаў князь.

* * *

Была вясна. Стамiўшыся ад восеньскай непагадзi, ад зiмовых халадоў, ад пахмурных дзён, ад доўгiх тужлiвых вечароў, людзi дачакалiся яе. I, як заўсёды, чакалi з трапяткой надзеяй: вось надыдзе час Яр, спаляць Марэну i штосьцi абавязкова зменiцца ў iх самотным жыццi, зменiцца да лепшага.

|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]