Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 6 из 54

Калi слуга вынес карытца, Волак касцяным грэбенем расчасаў бараду i доўгiя валасы, адзеўся ў такiя ж, як братавы, белыя льняныя срачыцу i нагавiцы, нацягнуў на ногi боты, аперазаў сябе скураным пасам. I каб не залатая вiтая грыўна на шыi, дык княжыч быў бы падобны ў сваёй вопратцы на простага отрака. Аднак загарэлы i сур'ёзны твар з прамым носам, суровы погляд вачэй выдавалi ў Волаку чалавека, якi прызвычыўся ўладарыць над людзьмi.

У стане ваяроў загучалi сурмы. Доўгi спеў турыных рагоў даносiўся i сюды, да князёвых харомаў. Новы дзень пачынаў панаваць над людзьмi. Воўк зняў са сцяны ясеневы лук, сагнуў яго i нацягнуў шаўковую цецiву, перакiнуў праз плячо скураны рэмень, прымацаваны да калчана са стрэламi. Са стала ўзяў карэц з вiном. Па прыступках княжыч спусцiўся з высокага драўлянага ганка. Ноччу прайшоў дождж, i ў паветры пахла мокрай зямлёй i травамi. Абмыты дажджом клён, што рос каля харомаў, радаваў вока яркай зелянiнай. З лiсця павольна скочвалiся кропелькi, з мяккiм гукам падалi на зямлю. Жмурачыся ад сонца, княжыч зiрнуў на авальны зашчытак харомаў, якi азначаў небасхiл з выразанымi на iм сонечнымi знакамi, двума львамi, якiя сiмвалiзавалi зямлю, i русалкай, якая сiмвалiзавала ваду. Каля разных конегаловых вiльчакоў сiратлiва сядзеў голуб.

Вялiкi i магутны Сварожыч у юнацкiм захапленнi перад прыгажосцю зямлi лашчыў яе сваiм боскiм святлом, саграваў жываносным цяплом i чакаў ночы, каб апусцiцца далёка за даляглядам на ложа, якое заслала яму Лада.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]