Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
52 из 54
З цяжкiм сэрцам хадзiў ён па пакоях, натыкаўся на стол i лавы. Не мог супакоiцца. Суцяшаў сябе, што Вышак вернецца назад. Але мала верыў у гэта. А калi не вернецца, калi прамяняе яго на Бажэну? I што цяпер? Цi чакаць брата, цi выслаць за iм пагоню? Не вытрымаў i выклiкаў да сябе дзядзьку.
- Гвай, - звярнуўся ён да дзядзькi, - не загадваю табе, а прашу: даганi Вышака з Бажэнай. Выратуй брата. Яна загубiць Вышака.
- Князь! Не таi ў сэрцы немарасцi. Усё, што адбылося, - гэта твая доля. Калi яна асудзiла цябе на страту гэтай дзеўнiцы, дык ужо не вернеш Бажэны, як нi старайся.
* * *
Пасля страты дачкi Завейка страцiў i цiкавасць да жыцця. Навошта яму жыццё, калi пазбавiўся ён адзiнага дарагога чалавека, любай Бажэны. Што з ёй? Сэрца аблiвалася крывёю, калi думаў, як гэты iзгой Воўк цешыцца яго дачкою. Ездзiў ён да намеснiка рускага князя ў Новым градзе, падбiваў на паход супраць Воўка. Намеснiк адгаворваўся: то дружына маленькая, то дарогi добра не ведае, то справы не дазвалялi iсцi ў паход. Завейка сваю дружыну падняў, але вояў не хапала. Каб вось дапамаглi русы.
I днi мiналi ў хваляваннi за долю дачкi.
I адбылося дзiва. За дзвярмi раздалiся гучныя галасы. Завейка незадаволена паморшчыўся. Чаго там раскрычалiся слугi? Дзверы расчынiлiся - на парозе стаяла Бажэна. Яго родная крывiнка, яго радасць i ўцеха вярнулася дадому. Сарваўся з лавы i падбег да дачкi, якая кiнулася да яго.
- Татачка!
- Бажэна! - i спынiўся ўражаны Завейка. - Бажэна? - перапытаў ён.
- Татанька! - прыпала да яго грудзей дзяўчына.
|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|