Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
51 из 54
Княжыч выбраў качара i прыцэлiўся. Было б добра, каб удача не адвярнулася ад яго, вось бы прыемна ўразiў дзяўчыну. Страла трапiла птушцы ў грудзi. Перадсмяротны крык, некалькi слабых удараў крыламi па вадзе, i качара панесла цячэннем. Качкi з шумам узляцелi ў паветра. I яшчэ доўга чуўся свiст iх крылаў. Падабраўшы забiтую птушку, выцягнуўшы з яе стралу, Вышак знайшоў глiну. Каля вогнiшча абмазаў качара глiнай i паклаў яго ў агонь. Дзяўчына яшчэ спала.
- Бажэна, - паклiкаў княжыч i пацалаваў яе ў шчаку.
Дзяўчына прачнулася i пяшчотна ўсмiхнулася юнаку.
- Вышак, - прашаптала яна i, абняўшы яго за шыю, адказала пацалункам.
Гледзячы, як Вышак упэўнена распараджаецца каля вогнiшча, як спрытна ламае галiны i падкiдае iх у агонь, як выцягнуў з агню абмазаную глiнаю птушку, разламаў глiняныя чарапкi, на якiх засталiся птушыныя пёры, як нажом абрэзаў смачныя кавалкi, ёй хацелася па-сапраўднаму даверыцца яму, моцнаму, знаходлiваму, рашучаму. I, забыўшыся, што ашуквала яго, яна радавалася таму, што Вышак клапоцiцца пра яе.
I гэтая ранiца, залiтая яскравым сонечным святлом, рэчка, у якой праз светлую ваду вiднелася жоўтае дно, птушыны шчэбет, высокiя цёмна-зялёныя хвоi, вогнiшча, што весела патрэсквала агнём, - усё здавалася дзяўчыне незвычайным, i чамусьцi было шкада, што болей не паўторыцца ў яе жыццi нi гэтая ноч, нi гэтая ранiца.
* * *
Пустата сустрэла яго дома. За гэтыя днi Воўк прызвычаiўся да Бажэны i без яе адчуў адзiноту.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|