Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 8 из 54

Выраслi спадкаемцы - ёсць каму перадаць княства, i на суклоннi апошнiх дзён жыцця ён будзе спакойны.

У пакой увайшла княгiня Лаўса.

- З новым днём, княжа. Хай будуць мiласцiвымi да цябе багi, - прывiтала яна мужа.

Жывiнбуд павярнуўся да жонкi. Лаўса любiла пакрасавацца ў новых строях. Вось i сёння надзела нядаўна куплены ў вiзантыйскiх гасцей даўгаполы кабат са стаячым каўняром, сцягнутым поясам i пятлiцамi на грудзях. Чырвоная, вышытая залатымi нiткамi тканiна, з якой быў пашыты кабат, так спадабалася княгiнi, што Жывiнбуд выклаў рамеям не адну кунiцу, каб дагадзiць жонцы. Галаву княгiнi ўпрыгожвала залатая зубчастая дыядэма з выбражэннямi русалак, а на цэнтральнай пластцы - багiнi Лады. З абодвух бакоў дыядэмы на раснах апускалiся да плеч залатыя колты са знакамi турыных рагоў. Палюбiла княгiня раскошу i золата, а раней толькi i было ўпрыгожанняў што срэбныя колты ды бурштынавыя пацеркi. Змянiў час i характар Лаўсы i прыгажосць яе забраў. I ўжо не вабiў Жывiнбуда прыгажосцю жончын твар. Не адзiн дзесятак спальвалi Марэну вясной з таго часу, калi ён на раннi летаў сваiх гнаў каня ў няблiзкi свет, аж за Шчару i Зальвянку, каб хоць адным вокам зiрнуць на Лаўсу, дачку яцвяжскага князя Асiрга. I сэрца радасна трапятала ў грудзях. А ноччу ён вяртаўся дадому. Зоркi i месяц асвятлялi яму шлях. Маўклiвыя дрэвы глядзелi ўслед адзiнокаму вершнiку, якi парушаў iх начны сон. Першы пацалунак, калi ён нясмела дакрануўся вуснамi да яе шчакi, i дзявочыя словы: "Мне хочацца праехацца на тваiм канi".

|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]