Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
10 из 54
Штодня выконваў князь даўнi рытуал: памачыў хлеб у пiва, адпiў з чары, адкусiў трохi хлеба, вярнуў чару з хлебам княгiнi. Лаўса выйшла з пакоя i ў дзвярах, што вялi ў харомы, вылiла за парог пiва.
- Няхай будзе дастатак у гэтым доме для гаспадара, госця i жабрака, прамовiла яна.
* * *
Зубр наструнiў вушы. З узлеску даляцеў вiсклiвы сабачы брэх, а дзе сабакi, там павiнны быць людзi, якiя неслi з сабою смерць. Людзi, як i ваўкi, былi яго ворагамi. Калi чалавек сустракаў яго адзiн на адзiн, дык спуджана ўцякаў, i толькi калi людзi збiралiся ў зграi, бралi з сабой сабак, тады яны смялелi i нападалi на валадароў пушчы - зуброў. Можна было растаптаць капытамi, пырнуць рагамi аднаго, другога, трэцяга, але ўсё роўна нехта з людзей ударыць вострым кiем, на канцы якога - смерць.
Зубр падняў галаву, пераступiў з нагi на нагу, прыслухаўся. Сабачы вэрхал наблiжаўся. Трэба было ўцякаць.
Моцныя ногi неслi зубра далей ад небяспекi. Магутнымi грудзямi ён ламаў галiны дрэў i хмызняк - пракладаў сабе шлях. Але i адтуль, куды ён бег, данёсся сабачы брэх, людскiя галасы i гукi ражкоў. Аблава. Людзi акружылi яго. Жыццё зноў прымушала змагацца за сябе. Звер бег павольна, захоўваў сiлы для рашучага моманту, калi спатрэбяцца свежыя ногi i трэба будзе iмгненна прарвацца праз кола. Гучна стукалi па зямлi капыты. Трашчалi галiны. Напужаныя сабачым брэхам, выскоквалi з хмызнякоў лiсы i зайцы. Зубр не мяняў напрамку. Самае недарэчнае цяпер - страцiць вытрымку i замiтусiцца. Хаця гады i забралi ў яго сiлу i ён ужо не мог абаранiць сваё права правадыра статка i павiнен быў пакiнуць яго, але ў яго быў вопыт доўгага жыцця.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|