Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 33 из 115



Але пакуль пастар такiм чынам раiўся з самiм сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, цiхенька адчынiлася, ды так i засталася адчыненай насцеж.

Гэта быў сапраўды цуд, але цi мала на свеце розных брам, якiя такiм жа чынам расчыняюцца самi па сабе, калi яны дрэнна зачынены. I пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымi абставiнамi, але палiчыў iх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.

Ротмiстр прыняў яго гасцiнна, куды больш ветлiва, чым звычайна.

- Якi гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазiрнулi да нас. Я якраз вельмi хацеў сустрэцца з вамi i сягоння некалькi разоў намерваўся пайсцi да вас у маёнтак i пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!

- Дарэмна б толькi схадзiлi, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар. - Яшчэ на свiтаннi я паехаў вярхом па прыхадскiх справах на сетэр у Ольсбю i вось толькi зараз вяртаюся назад. Ну i дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькi прыгод!

- Тое ж i са мной было, хоць я наўрад цi ўставаў сягоння з крэсла. Запэўнiваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка мiне пяцьдзесят i я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так i потым, цудаў, падобных сягонняшнiм, мне сустракаць не даводзiлася.

- А калi так, - прамовiў пастар, - першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмi цiкавую гiсторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзiўная з усiх, якiя здаралiся са мной у жыццi.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]