Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 46 из 115

Iнгiльберт ляжаў на насiлках, быццам сабраўся ў далёкую дарогу: за спiнаю - торба, а на нагах - чаравiкi. Мядзведжая рагацiна, якая ляжала побач, бадай, таксама належала яму. Не iнакш як Iнгiльберт хацеў накiравацца на чужыну, каб прадаць там пярсцёнак; але калi ў лясным тумане яму сустрэўся Iвар Iварсан, то палiчыў яго за прывiд генерала. Ну, вядома! Так яно i было! Iвар Iварсан быў апрануты ў стары салдацкi мундзiр, а палi ягонага капелюша былi загнуты на каралiнскi манер*. Тое, што Iнгiльберт абазнаўся, лёгка тлумачылася адлегласцю, туманам i тым, што сумленне ў яго было нячыстае.

* Каралiнамi называлiся салдаты армii Карла XII (ад лац. Carolus Карл).

Тым не менш ротмiстр усё яшчэ быў незадаволены. Ён кiпеў лютай злосцю i прагнуў крывi. Яму хацелася б задушыць Iнгiльберта сваiмi рукамi. Лёвеншольду патрэбна было даць выхад гарачаму жаданню помсты, а выхаду не было.

Аднак, паступова ротмiстр зразумеў, якi ён несправядлiвы, i настолькi авалодаў сабой, што нават расказаў Iварсанам, для чаго ён з чалядзiнцамi выйшаў сягоння ранкам у лес. I дадаў, што хоча даведацца, цi пры мерцвяку пярсцёнак.

Ротмiстру нават хацелася, каб сяляне з Ольсбю адказалi "не"; тады ён мог бы са зброяй у руках пастаяць за свае правы. Але яны палiчылi яго патрабаванне натуральным i крыху адышлi ўбок, пакуль чалядзiнцы абшуквалi кiшэнi мерцвяка. Ягоныя чаравiкi, торбу, кожнае шво ягонай вопраткi.

|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]