Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 64 из 115

Але людзi зразумелi, што свецкая ўлада як бы склала скiпетр свой i меч, адмовiлася ад мудрасцi сваёй i ведаў i спадзявалася цалкам на волю божую. I яны пачалi малiцца, малiцца ўсе як адзiн, каб гасподзь дапамог iм i навучыў iх.

Затым ленсман узяў у рукi iгральныя косцi i папрасiў суддзю i сяго-таго з прысутных кiнуць гэтыя косцi, каб праверыць, цi не фальшывыя яны. З нейкiм дзiўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку iгральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубiкi, якiя загубiлi нямала людзей, няўжо цяпер iх палiчылi вартымi паведамiць волю боскую?!

Як толькi косцi былi апрабаваны, арыштантаў вывелi наперад. Спачатку кубак перадалi Эрыку Iварсану, самаму старэйшаму з усiх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз iм патрэбна кiнуць жэрабя толькi для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.

Першы раз Паўлю Элiясану выпала найменш, а Iвару Iварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму i патрэбна было пачынаць.

Трое абвiнавачваемых былi апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на iх, калi яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлi ротмiстра. Цяпер гэта адзенне было бруднае i ўсё падранае. Такi ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў i ў iх гаспадароў. Аднак усiм падалося, быццам Iвар Iварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсiх. Вiдаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлiкiмi пакутамi баёў i палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, i выгляд у яго быў мужны i бясстрашны.

|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]