Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 63 из 115

I калi тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулi гэтае спяванне, то зразумелi, што зараз адбудзецца нешта вялiкае i ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму iм калi-небудзь даводзiлася быць сведкамi на сваiм вяку: заклiк да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волi.

Калi ж пачаў гаварыць пастар, людзi напоўнiлiся яшчэ большай павагай. Ён малiў Хрыста, сына божага, якi некалi сам паўстаў перад судзiлiшчам Пiлата, злiтавацца над гэтымi абвiнавачваемымi, каб не напаткаў iх суд несправядлiвы. Ён малiў таксама злiтавацца над суддзямi, каб не былi вымушаны яны прыгаварыць да смерцi бязвiннага.

Пад канец ён малiў яго злiтавацца над прыхаджанамi, каб не давялося iм быць сведкамi вялiкай несправядлiвасцi, як некалi жыдам каля Галгофы.

Усе слухалi пастара, пазнiмаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалi больш пра свае нiкчэмныя людскiя справы. Яны былi настроены зусiм iнакш. Iм здавалася, быццам пастар заклiкае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалi яго нябачную прысутнасць.

Стаяў цудоўны асеннi дзень: сiняе неба, усеянае белымi хмаркамi, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцiзной лiсцем. Над галовамi людзей бесперапынна праляталi на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзiн дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Цi не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?

Калi пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда i зачытаў каралеўскi прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелiстых моўных зваротаў, якiя з цяжкасцю даходзiлi да натоўпу.

|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]